Рефераты. Беларуская мова

Практыкаванне 40. Спішыце. Знайдзіце параўнальные звароты і пастаўце, дзе трэба, знакі прыпынку.

1. Расой як жэмчугам акроплены мурог. 2. Бор стаіць задумленны як сівы дзед. 3. Быццам кроў журавіны чырванеюць між лозаў. 4. Круглы нібы шар выплываў з-за лесу месяц. 5. З боку вербачкі крывыя бы кабецінкі старыя нуднай кучкаю стаяць. 6. Снег пад нагамі скрыпіць што жывы. 7. На чале брыгады стаяў не хто іншы як муляр Лапко. 8. Ластаўка як і ўсе птушкі радуецца сонцу і цёпламу дню. 9. Яны адчувалі сябе амаль як дарослыя людзі. 10. Сонца прыгравала зусім як летам. 11. Між дзяцей дачку са школы як прыемна сустракаць! 12. Дождж паліў як з вядра. 13. Хата была як цацка. 14. Абоз расцягнуўся больш як на вярсту. 15. Хлапчукоў як ветрам здзьмуло. 16. Лапко прыглядаўся да работы як гаспадар. 17. Цыбулька гаварыў як найлепшы прамоўца.

§ 25. ЗВАРОТАК

Слова або спалучэнне слоў, якія называюць асобу ці прадмет, да якіх звяртаюцца ў размове.

У залежнасці ад будовы звароткі бываюць:

1. Неразвітыя (адзіночныя).

2. Развітыя (выражаны словазлучэннямі).

У мастацкіх творах зваротак - у аснове мастацкага прыёму ўвасаблення - зварот да прадметаў, з'яў рэчаіснасці.

У мастацкіх творах зваротак можа быць выражаны назоўнікам у форме клічнага склону:

дружа, куме, голубе, княжа, сябра, браце

Зваротак членам сказа не з'яўляецца, але не можа існаваць без сэнсавай сувязі (пры дапамозе інтанацыі) з канкрэтным словам або сказам.

Зваротак можа знаходзіцца:

у межах сказа (выдзяляецца коскамі)

па-за межамі сказа (клічная інтанацыя, ад сказа аддзяляецца клічнікам):

Эх, луг шырокі! Як жывы ты, праменнем сонейка заліты, увесь час стаіш перад вачыма.

Коска ставіцца

У пачатку сказа (інтанацыя няклічная):

Зіма, колькі чысціні ў тваёй прыгажосці!

У сярэдзіне сказа (інтанацыя няклічная):

Углядайся, мой сыне, пільней углядайся ў святыя абрысы бацькоўскай зямлі.

У канцы сказа (інтанацыя аслаблена):

“Вельмі ты знаеш етыя законы, грамацей”, -- стаяў і пырскаў слінаю стары.

Калі перад звароткам стаіць выклічнік і займеннік ты або вы, то коска ставіцца пасля займенніка:

Эх ты, жыццё, жыццё людское! Няма табе, няма спакою!

Калі аднародныя і развітыя звароткі стаяць у сярэдзіне сказа і разрываюцца членамі сказа, то кожная частка зваротка выдзяляецца коскамі:

Ой ты, мая рыбка, спі, залатая!

Часціца о ад зваротка не аддзяляецца коскай:

О край родны, край прыгожы! Мілы кут маіх дзядоў!

Памятайце: зваротак трэба адрозніваць ад вакатыўных сказаў (закончанае выказванне з асобай інтанацыяй - радасць, абурэнне, гнеў, дакор):

“Панас!” - вырваўся немы крык з грудзей старога

Практыкаванне 41. Спішыце сказы. Знайдзіце звароткі і выдзеліце іх знакамі прыпынку.

1. Ляці ж наша песня ад вёскі да вёскі. 2. Дзень добры юная вясна! 3. Ноч не шумі ты асокамі ціхім усплескам балот. 4. Пралятайце гады залатымі агнямі! 5. Чаго ж ты каліна сёння так нявесела? Дзень добры вам лясы і гоні!. 7. Ну голубе бывай здаровы і шчаслівы. 8. О Радзіма табою напоўнена сэрца да краю. 9. Лес аб чым шумяць вяршыны?

Практыкаванне 42. Складзіце сказы, у якіх прыведзеныя словы ўжываліся б у ролі звароткаў. Пастаўце патрэбныя знакі прыпынку.

Сталіца, дарагія сябры, беларуская зямля, рэкі і азёры, край наш любімы.

§ 26. ПАБОЧНЫЯ КАНСТРУКЦЫІ

Словы, спалучэнні слоў, сказы, якія не з'яўляюцца членамі сказа, граматычна не звязаны з членамі сказа.

Выражаюць адносіны гаворачай асобы да выказанай думкі ці да спосабу яе выражэння.

Звязаны з усім сказам і ўключаюцца ў сказы з дапамогай інтанацыі пабочнасці (тэмп паскораны, тон паніжаны, аслабленне націску).

У якасці пабочных канструкцый ужываюцца:

мадальныя словы:

мабыць, магчыма, бязумоўна, бясспрэчна, мусіць, напэўна, вядома…

назоўнікі без і з прыназоўнікамі:

праўда, словам, на шчасце, на думку, на бяду, па праўдзе…

займеннікі з прыназоўнікамі:

між іншым, між намі, апрача таго, акрамя таго

субстантываваныя прыметнікі:

галоўнае, самае галоўнае, самае большае, самае горшае

прыслоўі:

па-вашаму, па-мойму, па-першае, па-другое…

дзеяслоўныя формы:

думаецца, дапусцім, разумееш, ведаеш..

словазлучэнні:

інакш кажучы, адным словам, калі ласка, з аднаго боку, разам з тым, чаго добрага…

Паводле значэння выражаюць

розную ступень верагоднасці выказанай думкі:

1) няўпэўненасць: трэба думаць, мабыць, магчыма, відаць, можа, здаецца…

2) упэўненасць: бясспрэчна, безумоўна, вядома, сапраўды, зразумела

спосаб выражэння думкі, адносіны да стылю паведамлення: адным словам, інакш кажучы, карацей кажучы, па сутнасці

эмацыянальную ацэнку выказвання (радасць, задавальненне, захапленне, гонар, здзіўленне, засмучэнне, шкадаванне): на радасць, на шчасце, на жаль, на бяду, як на дзіва, як на злосць

крыніцу паведамлення: на маю думку, як кажуць, паводле атрыманых звестак, па-вашаму, з пункту гледжання

лагічную ацэнку, вынік, парадак думак, паслядоўнасць выказвання: значыць, такім чынам, між іншым, з аднаго боку, з другога боку, перш-наперш, у першую чаргу, нарэшце

зварот да каго-небудзь з мэтай пэўнай ацэнкі, рэакцыі на паведамленне: ведаеце, бачыце, разумееце, ці паверыце, калі ласка, прабачце…

Памятайце:

· пабочныя канструкцыі выдзяляюцца коскамі

· пабочныя сказы трэба адрозніваць ад пабочных слоў і спалучэнняў

· спосаб выражэння пабочных сказаў:

а) двухсастаўныя асабовыя

б) аднасастаўныя няпэўна-асабовыя

в) аднасастаўныя безасабовыя

· пры чытанні пабочных сказаў захоўваецца хуткі тэмп, вялікія паўзы, нізкі тон голасу:

З гутаркі высвятляецца, што дзядзьку Вінцуку, так завуць пастуха, шэсцьдзесят чатыры гады.

Практыкаванне 43. Знайдзіце пабочныя і ўстаўныя словы, словазлучэнні і сказы, выдзеліце іх знакамі прыпынку.

1. Відаць сягоння будзе дождж. 2. Адным словам выгляд у нас быў сапраўдных паляўнічых. 3. Саша на думку Лялькевіча паводзіла сябе дзіўна. 4. У рэчцы калі я не памыляюся водзяцца ракі. 5. Людзі слухалі ўважліва баючыся відаць прапусціць хоць адно слова. 6. Андрэй прачнуўшыся як след нарэшце хутка збіраецца на работу. 7. Жыў дзед мой ходзяць чуткі каля дняпроўскай плыні. 8. Каля Нёмана а ён тут быў зусім недалёка пачулася песня. 9. Бараноўскія тры хлопцы як дубы былі дома.

Практыкаванне 44. Складзіце сказы, у якіх прыведзеныя словы ўжываліся б ў ролі пабочных. Пастаўце патрэбныя знакі прыпынку.

Аднак, зразумела, прабачце, калі ласка, галоўным чынам, як гаворыцца, бясспрэчна, трэба думаць.

§ 27. СКЛАДАНЫ СКАЗ

Сказ, у якім дзве і больш прэдыкатыўных частак аб'яднаны ў адно граматычнае, сэнсавае і інтанацыйнае цэлае.

Часткі складанага сказа:

1) не маюць сэнсавай і інтанацыйнай завершанасці

2) звязаны паміж сабой і ўзаемна дапаўняюць адна другую

Часткі складанага сказа звязваюцца пры дапамозе:

1) злучальных злучнікаў (складаназлучаныя)

2) падпарадкавальных злучнікаў (складаназалежныя)

3) інтанацыі (бяззлучнікавыя складаныя сказы)

Паводле сродкаў сувязі складаныя сказы падзяляюцца

Злучнікавыя (складаназлучаныя):

Або ён не ведае аб арышце Панаса, або штось тоіцца ў яго думках.

(складаназалежныя):

Пеця ведаў, што Мікалай не будзе патураць яму.

Бяззлучнікавыя (бяззлучнікавыя складаныя сказы):

Запяеш па душы, дасі ўцехі гасцям - поўны гуслі насыплю рукатаў.

Камбінаваныя (складаныя сказы з рознымі відамі сувязі):

Незнаёмаму з тутэйшымі балотамі чалавеку небяспечна забірацца ў гэтыя нетры: зойдзеш, ашаломішся, заблудзіш і не патрапіш выбрацца, бо, апроч густых чаротаў ды неба над галавою, нічога не ўбачыш.

27.1 Складаназлучаны сказ

Граматычна раўнапраўныя часткі звязаны пры дапамозе злучальных злучнікаў:

1) спалучальных: і, ды (і), ні-ні

2) супраціўных: а, але, аднак, затое, ды (але)

3) размеркавальных: ці, ці - ці, або, або - або, то - то

4) далучальных: ды і, а то, і то

Памятайце:

· у сэнсавых адносінах часткі могуць быць адносна самастойныя або ўзаемаабумоўленыя (адносна самастойныя часткі можна пераставіць месцамі)

· першая частка больш самастойная, наступныя залежаць ад папярэдняй

· агульныя члены сказа знаходзяцца ў першай частцы

· злучальныя злучнікі з'яўляюцца сродкам выражэння сэнсавых адносін паміж часткамі:

а) складаназлучаныя сказы са спалучальнымі злучнікамі

б) складаназлучаныя сказы з супраціўнымі злучнікамі

в) складаназлучаныя сказы з размеркавальнымі злучнікамі

г) складаназлучаныя сказы з далучальнымі злучнікамі

27.2 Знакі прыпынку ў складаназлучаных сказах

Коска ставіцца

1. Калі часткі звязаны спалучальнымі злучнікамі і, ды (і):

Прыпякае сонца, ды вее лагодны ветрык.

2. Калі часткі звязаны супраціўнымі злучнікамі а, але, ды (але), зато, аднак:

Было хмарна, але дажду не было.

3. Калі часткі звязаны размеркавальнымі злучнікамі ці, або, ці -ці, або - або, не то - не то, ці то - ці то:

То нямеюць нівы ў полі, то дрыжыць пяшчотна гай.

4. Калі далучальная частка звязана злучнікамі ды і, ды і то, а іменна:

Гара невысокая, ды і то з яе цяжка з'ехаць.

Працяжнік ставіцца

Калі другая частка паказвае вынік, хуткую змену падзей або рэзкае супрацьпастаўленне:

Раздаўся зычны гук - і сухая галінка разляцелася на кавалкі.

Гукну ў прастор - і грозна адзавецца шалёны гром праз хіжыя вякі.

Коска не ставіцца

Калі часткі маюць агульны даданы член сказа, часціцу, пабочнае слова: Відаць, маўчала возера ў тумане ды вербы плакалі ў цішы.

Калі часткі складаназлучанага сказа выражаны пытальнымі, пабуджальнымі ці клічнымі сказамі: Куды ж ісці і што рабіць?

Калі часткі выражаны аднасастаўнымі неразвітымі сказамі: Вечарэе і пахне кветкамі.

Памятайце:

· коска ставіцца, калі пры выказніках кожнай часткі ёсць аднолькавы член сказа:

Пры пыльнай дарозе шумяць палыны, і вясёлыя плачуць наводдаль каліны.

Кропка з коскай ставіцца

Калі часткі складаназлучанага сказа развітыя, маюць свае знакі прыпынку, вызначаюцца самастойнасцю:

Рыбак быў дзядзька, наш Антоні, як і работнік, адмысловы; а Уладзік пасвіў дзесь каровы, травіў чужыя сенажаці; а дома з дзецьмі была маці.

Практыкаванне 45. Растлумачце пастаноўку знакаў прыпынку паміж прэдыкатыўнымі часткамі складаназлучаных сказаў.

1. Па-ранейшаму звіняць ручайкі, і гэты звон у палявой цішыні асабліва меладычны. 2. На дварэ ішоў дождж, і таму хлопцы засталіся дома. 3. Жанкі жалі сярпамі жыта, а мужчыны дакошвалі куп'істую сенажаць. 4. Ці то ішлі на працу сяляне, ці пастушкі дзе гналі кароў на пашу, ці мо рухаўся паблізу які вайсковы атрад.

Практыкаванне 46. Утварыце складаназлучаныя сказы, ужываючы наступныя злучнікі: і, ды, а, але, ж (жа), аднак, толькі, затое, ці, або, то - то, ці то - ці то, не то - не то, ды і, і то, ды і то. Пастаўце патрэбныя знакі прыпынку.

Практыкаванне 47. Вызначце тып складаназлучаных сказаў і, дзе трэба, пастаўце знакі прыпынку паміж іх часткамі.

1. За вокнамі шумяць у садзе слівы і месяц стаў над стрэхамі сяла. 2. Разрэдзіліся хмары і дзе-нідзе бліснулі зоры. 3. I хістаецца асока і шуміць высокі бор а ў душы не замаўкае струн вясёлых перабор. 4. Над вуліцай звесілі голле дубы купчастыя клёны і вязы а елкі да неба паднялі чубы... 5. Сонца схавалася за гару а цень ад яе закрыў усё мястэчка але дзень ніяк не хацеў саступаць месца вечару і неба доўга заставалася ясным і светлым. 6. Ён ідзе а мрок гушчае ноч становіцца чарней песню ў лозах зачынае над рачулкай салавей а ў трушчобе за рачулкай свішча жудасна пугач і нясецца рэха гулка бы дзяціны смех і плач. 7. Пазірае ноч у вокны мутным вокам мжы ды ўсё булькаюць маркотна кроплі ў капяжы.

§ 28. СКЛАДАНАЗАЛЕЖНЫ СКАЗ

Складаныя сказы, у якіх часткі звязаны падпарадкавальнай сувяззю.

Часткі складаназалежнага сказа:

1) нераўнапраўныя (адна паясняе другую і падпарадкоўваецца ёй)

2) галоўная частка сінтаксічна незалежная

3) даданая частка залежная ад галоўнай

4) не маюць інтанацыі завершанасці

5) існуюць толькі ў складзе складаназалежнага сказа

Даданая частка паясняе і адносіцца да:

1) якога-небудзь слова ў галоўнай: Пахне раніца поўднем, які ўслед за ёю наступае.

2) усёй галоўнай часткі: Раскрываюцца краскі начныя, як выпадуць росы.

3) указальных слоў той, такі, столькі, так, тады (самая цесная сувязь даданай часткі з галоўнай): Таварыш той, хто дапаможа заўсёды ў бядзе.

28.1 Знакі прыпынку ў складаназалежным сказе

Пытальнік:

Ставіцца ў канцы складаназалежнага сказа, калі пытанне выражана ў галоўнай частцы:

Вы не падкажаце, як даехаць да чыгуначнага вакзала?

Не ставіцца, калі пытанне выражана ў даданай дапаўняльнай частцы:

Часта пытаю ў сябе, чаму гэту мову ўзяў з сабою, чаму гэту песню панёс з сабою, чаму гэты вечар жыве ўва мне, і ў крывінцы маёй, і ў расе.

Коска ставіцца

пры збегу злучнікаў перад даданай часткай:

1) што, калі; што, каб; бо, калі

2) і, калі; а, калі; і, пакуль, але калі

калі ў другой частцы няма слоў то, дык:

Міхась часта заўважаў што, калі Аленка ўсміхаецца, на яе шчоках з'яўляюцца сімпатычныя ямачкі.

Коска не ставіцца

калі ёсць словы то, дык:

Зіма падкралася непрыкметна, і калі раніцай выйшлі на вуліцу то ўбачылі, што дворышча ўсыпана чысцюткім снегам.

Коска ставіцца

калі аддзяляе даданыя часткі складаназалежнага сказа ад галоўнай:

Трывожна, хоць цішыня.

калі даданая стаіць у сярэдзіне галоўнай часткі:

Першыя дні, пасля таго як немцы занялі нашы Падлюбічы, на ўсходзе за лесам яшчэ грымела.

перад часціцамі нават, толькі, асабліва, калі яны стаяць перад злучнікам або злучальным словам:

Тут зусім ціха, асабліва калі сцямнее.

калі перад злучнікамі ці злучальным словам стаіць прыназоўнік з назоўнікам, то коска ставіцца перад прыназоўнікам:

Пацягнуліся нудныя пякучыя словы малітвы, у вымове якой нібы захавалася сусветнае гора.

калі даданая частка звязваецца з галоўнай пры дапамозе састаўных злучнікаў пасля таго як, да таго часу пакуль, для таго каб, ад таго што, таму што, па меры таго як, то коска ставіцца ў залежнасці ад зместу сказа і інтанацыі:

1) або перад усім злучнікам;

2) або перад другой яго часткай:

Пасля таго як зайшло сонца, над рэчкай паднімаецца малачаевы туман.

Міхасёвы хлопцы памірыліся пасля таго, як Ганна выбрала сярэдняга, Ігнася.

Коска не ставіцца:

калі даданыя часткі звязаны злучнікамі і, ці, або, то:

Я люблю пазіраць туды, дзе шумяць каласамі шырокія нівы або рассцілаюцца бясконцыя зялёныя лугі.

калі даданая частка суадносіцца з фразеалагізмам:

Міхась крычаў як з ланцуга сарваўся.

Пятро лаяўся на чым свет стаіць.

Працяжнік ставіцца:

даданая частка мае ўзмоцненую інтанацыю:

Як знішчым мы фашыстаў погань - зноў закрасуе родны край!

Дзе ступіць крок наш - шчасце ў вочы гляне, спеў зазвініць вясёлы, малады.

Двукроп'е ставіцца:

даданая паясняе, канкрэтызуе змест якога-небудзь слова ў галоўнай (можна ўставіць словы а іменна):

Доўгі час у галаве жыло адно: каб паверылі, каб не папікалі старастоўствам, бо не па сваёй волі ж гэта было - прымусілі.

Практыкаванне 48. Растлумачце пастаноўку знакаў прыпынку паміж прэдыкатыўнымі часткамі складаназалежных сказаў.

1. Той дарогай, што ішла паміж тарфяніку і роўна пастаўленых у адну лінію хат, вельмі шпарка ішоў чалавек. 2. Сонца такое, што не зірнеш на снег!.. 3. У падножжы лясных шатаў, дзе каліна расцвіла, легла пышна і багата тканка цені і святла. 4. Змоўклі ўсе вакол абшары, бо замыслілі штось хмары… 5. Шум стаіць над лясістай дуброваю, быццам рада аб нечым ідзе… 6. Ураджайным будзе лета, калі снег аж да акон. 7. Я люблю часіну навальніцы, калі б'е пярун па ўсіх ладах і злуюцца ў хмарах бліскавіцы, кроплі асыпаючы на дах.

Практыкаванне 49. Пастаўце знакі прыпынку паміж галоўнай і даданай часткамі складаназалежных сказаў.

1. Весела звіняць ручайкі таму што прыйшла вясна. 2. Перад тым як пакінуць бераг Мірон Іванавіч уважліва агледзеў раку. 3. Дружба сапраўдная пачынаецца тады калі людзі як мае быць ведаюць адзін аднаго. 4. Для таго каб многа ведаць трэба настойліва вучыцца. 5. Дняпро разліваецца шырока-шырока так што зусім не відаць процілеглага берага. 6. Гаворка заўсёды пачынаецца не для таго каб нічога не сказаць. 7. Завея круціла ўжо так што за які дзесятак метраў цяжка было заўважыць чалавека.

Практыкаванне 50. Утварыце складаназалежныя сказы, ужываючы наступныя злучнікі і злучальныя словы: што, каторы, дзе, калі, як, быццам, куды, хто, які, чый, нібы, каб, тады, як, калі - то, чым - тым, хоць - але. Пастаўце патрэбныя знакі прыпынку.

28.2 Знакі прыпынку ў складаным бяззлучнікавым сказе

Коска ставіцца, калі часткі складанага сказа маюць інтанацыю пералічэння і цесную сувязь паміж сабой: Веснавое сонца свяціла ярка, першыя жаваранкі ўжо заліваліся недзе ў вышыні, палі стракацелі белымі і чорнымі плямамі. У лузе носяцца пахі сунічныя, нізка голаву хіліць трава, ззяюць срэбрам люстэркі крынічныя.

Кропка з коскай ставіцца, калі часткі складанага сказа даволі развітыя, маюць свае знакі прыпынку: Ціха трапечуцца лісці зялёныя, з ветрыкам мову вядуць; вішні, узняўшыся белай каронаю, быццам дзяўчаты, цвітуць. Над рэчкай высокай сцяной стаяць стромкія хвоі, з лахматымі, белымі ад інею шапкамі; шырока развесілі сваё галлё волаты-дубы; блішчаць ледзянымі пацеркамі пышныя бярэзіны, сабраўшыся ў купку.

Пастаноўка двукроп'я і працяжніка залежыць ад адносін паміж часткамі складанага бяззлучнікавага сказа.

Двукроп'е

Адносіны

паміж часткамі

Можна ўставіць

Прыклады

2-я частка

раскрывае

змест 1-й

а іменна

Надвор'е было няўстойлівае: неба час ад часу зацягвалася хмарамі, імжыў дождж, затым зноў выблісквала сонца.

2-я частка -

прычына

бо таму што

Вася пачырванеў: яму цяжка было хлусіць. Я сёння не пайду на вуліцу: холадна.

2-я частка

дапаўняе,

удакладняе,

канкрэтызуе

змест 1-й

што, як

1. Я заўважыў: вецер змяніў напрамак.

2. Адразу стала ясна: дажджу не мінуць.

2-я частка

выражае

прамое

пытанне

-

1. Вось толькі пытанне: як рана ён пойдзе? 2. Пеця паглядзеў на дырэктара: як той?

Страницы: 1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9



2012 © Все права защищены
При использовании материалов активная ссылка на источник обязательна.