Рефераты. Канцэптуальны аналіз часопіса "Студэнцкая думка"

На пасадах галоўнага рэдактара-выдаўца знаходзіліся наступныя асобы – Адольф Зянюк,  Ігнат Гаголінскі, Янка Шутовіч, Мікалай Шкілёнак, М. Якімец

З 1924 да 1935 год адбываецца заканамерная эвалюцыя часопіса. У апошніх нумарах размяшчаюцца карціны беларускага мастака П.Сергіевіча. У №1(12) упершыню вокладка становіцца ілюстраванай. Пачынаючы з  №3(4),  з’яўляецца фота. У №1(12)  новы крок у шыхтоўцы: робяцца калонкі. У №3(14) назва  часопіса і змест дублююцца на англійскай мове, у №1 (15) – на польскай. Як бачым, часопіс пашырыў сваю аўдыторыю.

 “Студэнцкая думка” – унікальнае  моладзевае выданне 20-х – 30-х гадоў, што ставіла сваёй мэтай развіццё нацыянальнай самасвядомасці.  Сапраўды беларускае, яно цвёрда прытрымлівалася сваёй пазіцыі да самага канца і, наперакор нялёгкай сітуацыі ў Заходняй Беларусі, смела выкрыквала: “Так ідзі, Беларускі Народзе!”  

2.“Студэнцкая думка” часоў Перабудовы

2.1.         Феномен Перабудовы


“Перабудова. Галоснасьць. Праўда пра Леніна й Сталіна, Курапаты й Чарнобыль. Гісторыя й экалёгія…

70-гадовы камуністычны міт у сьвядомасьці юнага пакаленьня рухнуў за лічаныя месяцы. Яшчэ ў разгар перабудовы, у 1988, больш за 75% падлеткаў былі ўпэўненыя, што “Ленін – самы выбітны чалавек усіх часоў і народаў”, - але ўжо напрыканцы 1989 г. “савецкімі людзьмі” сябе лічылі толькі 20% зь іх.

… Нацыянальныя пачуцьці, якія ўвесь час праблісквалі ў фаерверках канца 80-х, натуральна ўпісваліся ў кантэкст пераменаў, і таксама ўспрымаліся юнай хваляй як належнае. Калі напачатку зьявы беларускага руху выглядалі хіба што мілымі дробязямі, дык чым далей, тым усё важней для гэтых дзяцей рабілася незалежнасьць і беларушчына”. [25; 16 ] Вось такі погляд у палітыка Павала Севярынца, не пазбаўлены, вядома, пэўнай суб’ектыўнасці.

Апытанне, праведзенае ў сярэдзіне 1993 года Інстытутам Працы і беларускай службай “Грамадская думка”, высветліла, што галоўнымі эмоцыямі моладзі першай паловы 90-х былі наступныя:

-надзея (36,7 %)

-спакой (22%)

-упэўненасць (13%)

-абыякавасць  (10,3 %)

-крыўда (7,2 %)

-безвыходнасць (5,2 %)

Рэформа палітычнай сістэмы распачалася ў 1988 годзе. Каб пашырыць унутрыпартыйную дэмакратыю, уводзяцца выбары на альтэрнатыўнай аснове. Аднак падчас жнівеньскага путчу КПБ паказвае, што ўжо няздольная падтрымліваць прагрэсіўныя пераўтварэнні ў грамадстве. 25 жніўня 1991 года Вярхоўны Савет прыпыніў дзейнасць партыі.

25 жніўня 1991 года Вярхоўны Савет БССР прыняў пакет рашэнняў аб незалежнасці, палітычнай і эканамічнай самастойнасці Беларусі. Дэкларацыя аб дзяржаўнай незалежнасці ператварылася ў канстытуцыйны закон. У Беларусі распачаўся новы этап развіцця.

Яшчэ ў 1990 годзе быў прыняты закон СССР аб грамадскіх арганізацыях. Згодна з ім, грамадзяне малі права засноўваць суполкі і партыі. Аднак закон спазніўся, бо гурткі па вывучэнні культуры, спадчыны і інш. пачалі стварацца значна раней. Палітычная партыя Народны фронт “Адраджэнне” быў заснаваны ў 1989 годзе. А вось некаторыя прыклады моладзевых суполак, колькасць якіх павялічвалася хуткасна (вядома, моладзі ўласціва злучацца па інтарэсах!): “Зьніч”, культурна-асветніцкая суполка пры Мінскім інстытуце культуры; Канфедэрацыя беларускіх суполак, незалежнае, грамадска-палітычнае згуртаванне моладзі; Задзіночанне беларускіх студэнтаў, створанае пры Сацыял-Дэмакратычнай Грамадзе; “Чырвоны Жонд”, анархісцкая суполка, што ператварала палітыку ў гумарыстычны перформанс, Партыя Аматараў Піва, сугучная “Жонду”…

Факт стварэння суполак і аб’яднанняў быў паказальным: ён сведчыў пра  дэмакратычнасць у грамадстве, стварэнне плюралізму меркаванняў.


2.2.         “Студэнцкая думка” напрыканцы 80-х – пачатку 90-х


У 1988 годзе згуртаванне “Сьвітанак”, што існавала пры Беларускім тэхналагічным інстытуце, аднаўляе віленскую “Студэнцкую думку”, толькі цяпер у Мінску. (Натуральна, што кожнае згуртаванне, кожная суполка мела сваё выданне). У адрозненні ад віленскай, гэтая “Студэнцкая думка” пазіцыянуе сябе як грамадска-палітычны ды культуралагічны  часопіс.

У №1 мінскія студэнты  паведамляюць, што “адчуваюць сябе нашчадкам1 тых барацьб1тоў-студэнтаў, як1я ў варунках заняволенай буржуазнай Польшчаю Заходняй Беларус1 будз1л1 заспаную нацыянальную сьвядомасьць беларусаў”[2].  [9; 1]

У рэдакцыйны склад уваходзілі А.Гуркоў, А.Кавальчук, Г.Аніськова, А.Трусаў, С.Ладуцька, Ф.Швайбовіч, І.Міхно, С.Вітушка, З.Вайцяховіч, Г.Барвенава, А.Рагуля, А.Сабаленка, У.Селядцоў і інш. Цікава, што №2 і №3 быў прафінансаваны беларускім паэтам Анатолем Сысом.

У №1 з’яўляецца артыкул Алеся Гуркова “Здавайма іспыты па-беларуску!” Увогуле, у чосопісе перыядычна размяшчаюцца артыкулы на “беларускамоўную тэматыку”: “Беларускі іменьнік”, складзены Альгердам Пакалюбовічам, “Матар’ялы да трасянка-беларускага слоўніка”,  руска-беларускі слоўнічак турыстычнай лексікі … Як бачым, адна з задач часопіса – дапамагчы моладзі вывучыць беларускую мову і  распачаць размаўляць на ёй у паўсядзённасці.

У “Студэнцкай думцы” 80-х – 90-х значна меней літаратуры, чым у віленскай. (Зрэшты, часопіс ужо і не пазіцыянуе сябе як літаратурны) Але, напрыклад, да №4 дадаецца кніжачка-самвыдат “Вандэя навыварат”. У №1 за люты 1992 года - вершы Уладзіміра Жылкі, Максіма Багдановіча, Сокалава-Воюша.

Тут шмат артыкулаў інфармацыйнага кшталту: нататкі пра дзейнасць літсуполкі “Тутэйшыя”, “Першыя крокі Задзіночання беларускіх студэнтаў”… Ці, напрыклад, праэкт беларусізацыі Беларускага тэхналагічнага інстытуту. З больш сур’ёзных артыкулаў – працы Ермаловіча, Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека. Апошняе падказвае, што каштоўнасці часопіса – усведамленне ўласнай годнасці, сваіх правоў і сваёй свабоды. Ды, зрэшты, гэтыя каштоўнасці былі характэрныя для гадоў Перабудовы.

Колькасць студэнцкіх суполак увесь час павялічвалася. Да стварэння “Студэнцкай думкі” далучаецца гурток “Крывічы” Педагагічнага інстытута. Затым часопіс выдаецца Задзіночаннем беларускіх студэнтаў. А ЗБС існаваў у Мінску, Магілёве, Брэсце і іншых абласных гарадах. Часопіс распаўсюджваецца, такім чынам, па ўсёй Беларусі і мае тыраж 5000 (Раней жа колькасць асобнікаў увогуле не ўказвалася).

Варта адзначыць, што часопіс рабіўся не журналістамі, а студэнтамі. (Самымі рознымі – і тэхнічнай ВНУ таксама). У артыкулах ёсць малады энтузіязм, але далёка не заўжды цікавы стыль і прафесіяналізм.

Такім чынам, “Студэнцкая думка” канца 80-х – пачатку 90-х працягвае традыцыі віленскага часопісу. Выданне прапагандуе каштоўнасць роднай мовы і роднай культуры.

3. “Студэнцкая думка” канца 90-х – 2000 –х.

3.1.Грамадска-палітычнае жыццё з 90-х і да нашага часу.


У 1994 годзе прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь быў абраны Аляксандр

Рыгоравіч Лукашэнка, палітыка якога, натуральна, вызначыла далейшыя падзеі ў грамадска-палітычным жыцці. У 2001 годзе Прэзідэнт абіраецца на другі тэрмін, у 2006 – на трэці.

14 траўня 1995 года прайшоў Рэферэндум, што зрабіў рускую мову

другой дзяржаўнай. Навіны на Першым нацыянальным канале тэлебачання пачынаюць агучвацца на рускай мове. Калі ў 1996 годзе па-беларуску  навучалася 33 % школьнікаў, то цяпер, у 2008 годзе, 20,9 %.

Развіваецца беларускі Інтэрнэт, традыцыйныя выданні пачынаюць губляюць чытачоў. У 1999 быў створаны папулярны партал tut.by. Сеціва робіць жыццё яшчэ больш хуткім, дае новыя мажлівасці для мас-медыя, змяняе дзейнасць журналістаў.

У 2003 годзе Задзіночанне беларускіх студэнтаў, адну з найбольш буйных недзяржаўных студэнцкіх суполак, пазбаўляюць рэгістрацыі. З’яўляецца дзяржаўнае моладзевае аб’яднанне БРСМ.

Змены адбываюцца і ў сістэме вышэйшай адукацыі. Павялічваецца колькасць месцаў на факультэце журналістыкі, там адчыняюцца новыя спецыяльнасці. У 2004 годзе быў зачынены унікальны для Беларусі Еўрапейскі гуманітарны універсітэт, але ў 2005 годзе ён пераязжае ў Вільню і набірае беларускіх студэнтаў.

Развіваецца беларускае заканадаўства. 1995 годзе быў зацверджаны “Закон аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі”, у 1998 прымаецца другая рэдакцыя юрыдычнага дакумента.

Шэраг папяровых выданняў знікаюць з шапікаў Белсаюздруку: з прычын эканамічнай немэтазгоднасці, падзення тыражоў,  пазбаўлення рэгістрацыі альбо адмістрацыйнага ціску з боку ўладаў. Гэта літаратурна-мастацкі часопіс “Маладосць”, моладзевая “Музыкальная газета”, апазіцыйныя “Навінкі”, “Наша ніва”, “Народная воля”, “Салідарнасць”… На рынку з’яўляецца гарадская газета “Минский курьер”, «Обозреватель», адчыняюцца тэлеканалы «ЛАД” і “СТВ”.

Такім чынам, недзе мы назіраем рэгрэс, а недзе – прагрэс.


3.2. Папяровы часопіс да 2005 года


У 1998 годзе Задзіночанне беларускіх студэнтаў зноў аднаўляе часопіс,

ужо на якасна іншай аснове, годнай паперы: канец 90-х, аднак. Галоўны рэдактар – І. Віданава, пазначаны наклад – 299 асобнікаў. Наклад з 2000 года – 2000 асобнікаў.

У часопіс пісалі Вітаўт Мартыненка, Віктар Мухін, Ілля Глыбоўскі, Андрусь Белавокі, Ігар Вуглік…

Дадатковы прыбытак прыносіла рэклама, хаця, падчас на рускай мове: рыштунак для турызму і спорту альбо лучшая косметика.

Звернемся да праграмнага артыкула ў №1 за 1998 год, дзе часопіс акрэслівае свае мэты і напрамкі дзейнасці:

“На старонках гэтага выданьня мы будзем шукаць магчымасьці для самарэалізацыі асобы як у навучальнай сфэры, так і ў прасторы грамадзскай актыўнасьці. Мы будзем знаёміць Вас з рознымі сыстэмамі вышэйшай адукацыі, якія існуюць ў сьвеце, з праблемамі і дасягненьнямі дзяржаўных і недзяржаўных ВНУ”.[ 13;1 ] У адпаведнасці з акрэсленымі напрамкамі, у 1998 годзе ў часопісе друкавалася праграма грантаў на 1998-1999 годы, інфармацыя пра палітычную кар’еру ў Бельгіі, размеркаванне студэнтаў, артыкул пра ESIB (нацыянальныя студэнцкія саюзы ў Еўропе), новы офіс Задзіночаньня беларускіх студэнтаў, платнае навучанне, правы і абавязкі пры працаўладкаванні,  а яшчэ - артыкулы пра вандроўкі. У адрозненні ад віленскай “СД” і “СД” часоў Перабудовы зусім малы акцэнт робіцца на нацыянальнае пытанне: відаць, часы змяніліся. Шмат інфармацыі пра навучанне за мяжой: адсюль можна зрабіць выснову, што стваральнікі часопіса жадалі, каб беларусы адчулі сябе часткай Еўропы. Яшчэ журналісты “Студэнцкай думкі” – за дэмакратычную Беларусь, як можна заўважыць па некаторых артыкулах. У матэрыяле “Міты і рэальнасць “трэцяга сэктару” “ заўважаецца, што грамадскія аб’яднанні (а “СД” выдавалася ЗБСам) спрыяюць дэмакратычнасці грамадства.

З 1999 года часопіс становіцца каляровым, выдаецца на глянцавай паперы. Варта адзначыць, што вокладкі – надзвычай яркіх колераў. Часопіс моладзевы, а маладыя не любяць шэрань. Змяняецца і тэматыка выдання. Да артыкулаў на студэнцкую тэму дадаюцца артыкулы па самых розных пытаннях: псіхалагічныя парады, карысныя для маладога чалавека, культурніцкая тэматыка, зноў жа – вандроўкі. Выходзіць серыя матэрыялаў пра газеты, якія сімпатычныя часопісу. Тут ужо праяўляецца нацыянальная пазіцыя: журналісты выдання заўважаюць толькі беларускамоўную прэсу. Яны аналізуюць газету “Звязда”, “Навінкі”, “Наша ніва”. Нацыянальная пазіцыя з’яўляецца і пры напісанні артыкула пра Казіміра Малевіча: робіцца акцэнт на тым, што мастак быў беларусам-каталіком.

Страницы: 1, 2, 3



2012 © Все права защищены
При использовании материалов активная ссылка на источник обязательна.