Рефераты. Барацьба за стварэнне Беларускай дзяржаунасци 1917-1920гг.

Чаму на з'ездзе не было бальшавікоў, рабочых? Адказваючы на гэтае пытанне коратка, трэба сказаць, што Абласны камітэт РСДРП(б) і Аблвыкомзах ухіліліся ад выканання пагаднення, заключанага паміж Народным камісарыятам па справах нацыянальнасцей РСФСР і Беларускім абласным камітэтам аб скліканні з'езда сумесна з Саветамі ў Мінску. Выклікае здзіўленне, чаму Мяснікоў, які атрымаў тлумачэнне ў Сталіна аб нацыянальнай палітыцы савецкай улады, не прыняў мер да яе правядзення ў жыццё. Яшчэ да адкрыцця Беларускага з'езда Абласны камітэт РСДРП(б) адкрыта праявіў да яго негатыўныя адносіны.

Прычыны гэтага трэба шукаць глыбей. Па-першае, Вялікая беларуская рада і іншыя нацыянальныя арганізацыі не маглі згадзіцца з тым, у якую форму вылілася пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі дзяржаўнае будаўніцтва ў Беларусі. Аб'яднанне вобласці і фронту ў адзіную дзяржаўную адзінку, як гэта адбылося ў Беларусі (Заходняя вобласць і Заходні фронт), не мела прэцэдэнту. Гэта было адзінае ў Расіі ваенна-грамадзянскае дзяржаўнае ўтва-рэнне. 3 часу Кастрычніка тут дзейнічалі Ваенна-рэвалюцыйны камітэт Заходняга фронту, Выканком Саветаў вобласці і фронту і Саўнарком вобласці і фронту. Усе гэтыя органы ў адзін і той жа час былі абласнымі, але больш франтавымі. Па свайму складу ў пераважнай большасці яны былі ўкамплектаваны ваеннымі работнікамі, цывільных асоб у іх не было.

Па-другое, пытанне аб самавызначэнні Беларусі ў значнай меры рабілася актуальным таму, што, як мы адзначалі вышэй, фарміраванне Заходняй вобласці не было завершана. Такія беларускія губерні, як Віцебская і Магілёўская, у яе склад не ўваходзілі. Заходняя вобласць у 1917 г. пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі аб'яднала тэрыторыю толькі Мінскай і часткі Віленскай губерняў. Неакупіраваныя паветы Віцебскай і Магілёўскай губерняў былі ўключаны ў Заходнюю вобласць толькі ў 1918 г., калі пасля пачатку германскай інтэрвенцыі фактычна сфарміравалася новая вобласць з цэнтрам у Смаленску. У патрабаванні аб самавызначэнні Беларусі кіраўніцтва вобласці бачыла толькі імкненне ВБР, Белнацкома ліквідаваць вобласць, што шмат у чым накладвала свой адбітак на развіццё працэсу ўтварэння нацыянальнай беларускай рэспублікі. Гэтым можна раслумачыць і той факт, што ўрад БНР меў кантакт з Савецкай Расіяй, але з Заходняй вобласцю ніякіх адносін не было.

Па-трэцяе, Ваенрэўком, Аблвыкомзах і Саўнарком вобласці і фронту займаліся пераважна справамі Заходняга фронту, які пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі фактычна расфарміроўваўся. Такім чынам, ім трэба было ўдзяляць шмат увагі стварэнню ўзброенай сілы, здольнай абараніць рэвалюцыю, і таму не было магчымасці займацца правядзеннем рэвалюцыйных пераўтварэнняў у вобласці. А работа гэта з'яўлялася неадкладнай, практычна яна магла садзейнічаць замацаванню перамогі рэвалюцыі.

Па-чацвёртае, партыйнае і савецкае кіраўніцтва вобласці складалася з прафесійных ваенных рускай, украінскай, латышскай, армянскай, яўрэйскай і інш. нацыянальнасцей. Беларусаў сярод іх не было. А пытанні, якія трэба было б рашаць, закраналі беларускую нацыю. Беларускія нацыянальныя арганізацыі ставілі пытанне аб самавызначэнні, што вынікала з рашэнняў II Усерасійскага з'езда Саветаў і іншых дакументаў РКП(б) і Савецкага ўрада. Але кіраўнікі абласных партыйных і савецкіх ррганаў не прызнавалі беларускую нацыю і таму патрабаванне аб самавызначэнні Беларусі ўспрынялі як антысавецкае, контррэвалюцыйнае. 3 такіх “тэарэтычных” домыслаў вынікалі практычныя дзеянні, якія вялі не да ўзаемаразумення і супрацоўніцтва, а да канфрантацыі.

Бачачы, што ў Беларусі пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі нацыянальна-дзяржаўнае будаўніцтва не пачыналася, і, асцерагаючыся, каб германскія, польскія, украінскія і літоўскія буржуазна-памешчыцкія сілы не паквапіліся на “безгаспадарчую” тэрыторыю Беларусі, беларускія нацыянальныя арганізацыі актыўна павялі лінію на ўтварэнне беларускай дзяржавы.

Абвяшчэнне БНР і яе роля у станаўленні дзяржаўнасті.

Калі савецкія войскі ўжо пакінулі Мінск, а германскія яшчэ не ўступілі, частка дзеячаў беларускага нацыянальнага руху, зыходзячы з сітуацыі, знешнепалітычных умоў, слабасці сацыяльнай базы нацыянальнага руху, зрабіла спробу стварэння сваёй улады. Выканком Савета з'езда 21 лютага 1918 г. звярнуўся да народа Беларусі з 1-ай Устаўной граматай, у якой аб'явіў сябе ўладай у Беларусі. Часовым выканаўча-распараджальным органам стаў створаны ім з прадстаўнікоў толькі сацыялістычных партый Народны Сакратарыят на чале з Я. Варонка. У яго склад увайшлі: П. Крэчэўскі, А. Смоліч, П. Бадунова, А. Карач, Т. Грыб, К. Езавітаў, У. Макрэеў, I. Серада і інш. Разлік быў на тое, што германскаму камандаванню прыдзецца прыняць як дадзенае беларускае нацыянальнае ўтварэнне. Але ініцыятары гэтай акцыі памыліліся. 24 лютага 1918 г. дэлегацыя Народнага Сакратарыята (Я. Варонка, К. Езавітаў, А. Смоліч і інш.) наведала прадстаўніка камандавання германскай арміі ў Мінску і выказала сваю лаяльнасць уладзе інтэрвентаў . Нягледзячы на гэта, па загаду ваеннага каменданта гарнізона ў Мінску Народны Сакратарыят 25 лютага быў сілай выдвараны з памяшкання, якое ён займаў. Аднак Выканком Савета з'езда і Народны Сакратарыят зрабілі выгляд, што нічога не здарылася. 9 сакавіка 1918 г. адбылося першае ўрачыстае пасяджэнне Выканаўчага камітэта Савета з'езда. У яго склад былі запрошаны прадстаўнікі сацыялістычных партый: сацыялістаў-рэвалюцыянераў, меншавікоў, ЕС і СС, Паалей-Цыёна і інш. Агульная колькасць членаў Выканкома была даведзена да 71 чалавека. Пасяджэнне прыняло 2-ую Устаўную грамату, у якой Беларусь была аб'яўлена народнай рэспублікай. Выканаўчы камітэт быў перайменаваны ў Раду БНР, абраны Прэзідыум Рады на чале з I. М. Серадой. У межах Беларусі былі абвешчаны свабоды: слова, друку, сходаў, забастовак, сумлення, недатыкальнасць асобы і жылля, права на аўтаномію, раўнапраўе моў усіх нацыянальнасцей Беларусі. Права прыватнай уласнасці на зямлю не адмянялася. Зямля павінна была перадавацца бясплатна тым, хто яе апрацоўваў. Лясы, воды і нетры зямлі аб'яўляліся ўласнасцю БНР. Паўсюдна ўстанаўліваўся 8-гадзінны рабочы дзень.

Сацыяльна склад Рады БНР быў неаднародны. Кіруючую ролю ў ёй ажыццяўлялі сярэднія слаі нацыянальнай інтэлігенцыі. У партыйных адносінах Рада складалася з прадстаўнікоў розных нацыянальных сацыялістычных партый (БСГ, ЕС і СС, Паалей-Цыён, Бунд), а таксама рускіх эсэраў і меншавікоў. Усе гэтыя партыі адхілялі Кастрычніцкую рэвалюцыю, але не ўсе падтрымлівалі аддзяленне Беларусі ад Расіі і ўтварэнне беларускай нацыянальнай дзяржавы. Рускія эсэры, меншавікі і яўрэйскія сацыялістычныя партыі выказаліся за знаходжанне Беларусі ў складзе Расіі. Яўрэйскія партыі асцерагаліся, што ў беларускай нацыянальнай дзяржаве на першы план выйдзе беларуская буржуазія. Рускія эсэры стаялі на пазіцыі “адзінай і непадзельнай” Расіі. Толькі БСГ патрабавала самавызначэння Беларусі на буржуазна-дэмакратычнай падставе.

Па прычыне таго, што ў Брэсцкім мірным дагаворы нічога не гаварылася аб беларускай дзяржаве, Рада БНР, якая ігнара-вала волю прадстаўнікоў аргані-зацый і партый рускай арыентацыі, на пасяджэнні ў ноч з 24 на 25 сакавіка 1918 г. пасля дзесяцігадзінных спрэчак прыняла пастанову аб незалежнасці Беларусі. У пратаколе адзначалася, што атмасфера ў час пасяджэння была “наэлектрызавана”. Супраць аддзялення Беларусі ад Савецкай Расіі галасавалі дэпутаты гарадской, земскай і бундаўскай фракцый. Ад галасавання ўстрымаліся прадстаўнікі Аб'яднанай яўрэйскай сацыялістычнай партыі, Паалей-Цыёна і сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Земская фракцыя выйшла з Савета БНР і адазвала сваіх прадстаўнікоў з Народнага Сакратарыята.

3-яй Устаўнай граматай ад 25 сакавіка 1918 г. БНР абвя-шчалася “незалежнай і вольнай дзяржавай”. У склад яе былі ўключаны Магілёўская, Мінская, Віцебская, беларускія часткі Гродзенскай, Віленскай, Смаленскай, Чарнігаўскай і суседніх губерняў.

Так на працягу аднаго месяца была сфарміравана дзяржава, стварэння якой дабівалася кіраўніцтва Беларускай сацыялістычнай грамады. Гістарычна гэта мэта з'яўлялася заканамернай. У выніку перамогі буржуазна-дэмакратычнай рэвалюцыі дзяржава па свайму зместу павінна была быць буржуазна-дэмакратычнай. Менавіта такую дзяржаву і імкнуліся стварыць нацыянальныя партыі і арганізацыі. Між тым трэба адзначыць, што на справе гэта мэта не была здзейснена.

Чаму з пачатку свайго ўтварэння БНР не знайшла падтрымкі шырокіх народных мас? Прычын таму многа. Яна была створана ў вельмі неспрыяльных умовах і існавала пад акупацыяй. Акупацыйны рэжым заваёўніка быў супраць падтрымкі нацыянальных імкненняў, нацыянальных органаў улады абвешчанай дзяржавы. I народам ён успрымаўся як варожы. Але Рада вымушана была калі не супрацоўнічаць з ім, то быць для яго лаяльнай. Па-другое, зямлю сялянства не атрымала. Больш таго, яе забіралі і зноў аддавалі памешчыкам. У працэсе стварэння БНР шырокія народныя масы ўдзелу не прымалі.

Вядома, што I Усебеларускі з'езд даверыў абранаму ім Савету з'езда падрыхтаваць і склікаць Беларускі Устаноўчы сход, а затым II Усебеларускі з'езд, на якім абвясціць будучую беларускую дзяржаву. А фактычна выйшла, што БНР абвясціў нават не Савет з'езда, а створаны ім вузкі орган -- Выканаўчы камітэт Савета з'езда, які потым кааптаваў у свой склад 28 прадстаўнікоў нацыянальных груп. Выканком сам сябе пераўтварыў у Раду БНР, якая складалася з 71 члена. Значыць, пастановы I Усебеларускага з'езда не былі выкананы, і пытанне аб дзяржаўным ладзе Беларусі вырашыла нікім не абраная Рада БНР у складзе 71 члена. Беларускі народ у вырашэнні пытання аб грамадска-дзяржаўным ладзе Беларусі не ўдзельнічаў. Таму, трэба думаць, БНР успрымалася народам як фарміраванне, створанае групай інтэлігенцыі не канстытуцыйным шляхам.

Юрыдычнага афармлення ўтварэння БНР патрабавала таксама партыя беларускіх сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Але Рада БНР гэтага не зрабіла. Трэба думаць, што да гэтага былі важкія падставы. Па-першае, Рада БНР не спадзявалася на падтрымку сялян, якія актыўна ўдзельнічалі ў выбарах ва Устаноўчы сход і галасавалі за спісы бальшавікоў і рускіх эсэраў, у фарміраванні савецкіх органаў улады і кіраўніцтва (абласных, губернскіх, павятовых, валасных). Насельніцтва Беларусі рашуча выступіла супраць германскай інтэрвенцыі. Па-другое, на I Усебеларускім з'ездзе сяляне актыўна выступалі супраць аддзялення Беларусі ад Савецкай Расіі. Таму Рада БНР, якая прыняла акт ад 25 сакавіка 1918 г. аб незалежнасці Беларусі ад Расіі, пайшла як бы супраць іх волі. Па-трэцяе, трэба мець на ўвазе і тое, што ў стварэнні незалежнай беларускай дзяржавы не былі зацікаўлены германскія інтэрвенты, якія выношвалі планы захопу часткі тэрыторыі Беларусі. Утойваючы сваю сапраўдную мэту, яны не дазволілі скліканне на акупаванай імі тэрыторыі Устаноўчага сходу Беларусі пад маркай, што гэта было б парушэннем Брэсцкага міру.

Страницы: 1, 2, 3



2012 © Все права защищены
При использовании материалов активная ссылка на источник обязательна.